Намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд ідзе ў адстаўку
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Вікторыя Нуланд ідзе ў адстаўку. Пра гэта гаворыцца ў заяве самога дзяржсакратара Энтані Блінкена, апублікаванай на сайце Дзярждэпартамента ЗША 5 сакавіка.

Вікторыя Нуланд, травень 2023 года. Фота: Reuters

— Вікторыя Нуланд паведаміла мне, што плануе ў найбліжэйшыя тыдні пакінуць пасаду намесніцы дзяржсакратара па палітычных пытаннях, — паведаміў Блінкен.

Ён падзякаваў сваёй намесніцы за працу і адзначыў, што Нуланд прабыла «тры з паловай дзесяцігоддзі» на дзяржслужбе, у тым ліку ў Дзярждэпартаменце. Яна працавала за шасцю прэзідэнтамі і дзесяццю дзяржсакратарамі ЗША.

У прыватнасці, Блінкен падкрэсліў, што Нуланд актыўна падтрымлівала Украіну пасля расійскага ўварвання.

— Яе намаганні былі незаменныя для супрацьстаяння поўнамаштабнаму ўварванню Пуціна ва Украіну, фармавання глабальнай кааліцыі для забяспечання ягонай стратэгічнай паразы і аказання дапамогі Украіне ў дасягненні таго дня, калі яна зможа цвёрда стаць на ногі — дэмакратычна, эканамічна і ў вайсковых адносінах, — гаворыцца ў заяве.

Блінкен дадаў, што ён і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папрасілі намесніка дзяржсакратара па пытаннях кіравання Джона Баса часова выконваць абавязкі намесніка кіраўніка Дзярждэпа па палітычных пытаннях, пакуль не будзе знойдзеная замена Нуланд.