Жыхары Маладзечна і Вілейкі паведамілі ў рэдакцыю пра тое, што чулі гук, падобны да моцнага выбуху, чутны на далёкай адлегласці. У Мінабароны пра сітуацыю «не ведаюць», у МНС пракаментаваць тое, што адбылося, таксама не змаглі. Пасля маніторынгавая група"Беларускі Гаюн" напісала, што гэта мог быць гук пампажу (аварыйнага рэжыму працы) рухавіка расійскага перахопніка МіГ-31К. гэта вельмі падобна да праўды — расказваем чаму.
Што мы ведаем
Паводле нашых звестак і інфармацыі ад «Гаюна», гук, падобны да выбуху, ад якога затрэсліся вокны ў дамах у Маладзечне і Вілейцы, пачуўся каля 12.00 па мінскім часе. Маніторынгавая група, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што ў 11.59 над раёнам Маладзечна ў перахопніка МіГ-31К расійскай авіяцыі з бартавым нумарам RF-95194 (тры такія самалёты базуюцца цяпер на аэрадроме Мачулішчы) адбылося ўзгаранне аднаго з двух рухавікоў, у выніку чаго ён перайшоў у рэжым пампажу (аварыйнай працы), што суправаджалася гукам, падобным да выбуху — яго і чулі жыхары найбліжэйшых населеных пунктаў.
Самалёт у выніку ацалеў, але быў вымушаны экстранна перапыніць палёт і вярнуцца на аэрадром.
«Беларускі Гаюн» удакладніў, што рухавік загарэўся менавіта ў таго самалёта, які ўжо гарэў 25 снежня 2022 года падчас спробы ўзлёту з аэрадрома Мачулішчы.
Чаму гэта цалкам можа быць праўдай?
Таму што МіГ-31К — вельмі стары самалёт.
Машына, як мы ўжо пісалі, дастаткова ўнікальная і літаральна «не мае аналагаў у свеце». Адна з яе галоўных характарыстык — вельмі высокая хуткасць у 3000 км/г, што забяспечваецца двума турбарэактыўнымі рухавікамі Д-30В6. Гэты ўнікальны рухавік вялікай магутнасці ствараўся Пермскім маторабудаўнічым канструктарскім бюро ў 1970−1975 гадах. А сам самалёт МіГ-31 у розных версіях рабілі з 1975 да пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя. Пасля гэтага ні самалёт, ні рухавікі для яго не вырабляліся, усе наяўныя асобнікі — гэта старыя запасы, выпушчаныя ў часы СССР або ў першыя постсавецкія гады.
Пры гэтым распрацоўка і выпуск у Расіі аэрабалістычных гіпергукавых ракет «Кінжал» зрабілі патрэбу ў МіГ-31 зноў высокай — гэта адзіны серыйны самалёт, здольны браць на борт такія снарады, хай для гэтага перахопнік і даводзіцца пераабсталёўваць. Ніякіх новых самалётаў з падобнымі характарыстыкамі ў Расіі няма і, імаверна, не прадбачыцца. Будучыня перспектыўнага праекта МіГ-41, які мусіў змяніць МіГ-31, больш чым туманная, і ён, імаверна, ніколі не будзе пабудаваны.
У выніку самалёты МіГ-31 сталі на «вечную рэанімацыю» — замяняць іх няма чым, застаецца раз за разам падаўжаць жыццё старым машынам (ні самі самалёты, ні рухавікі для іх Расія, яшчэ раз згадаем, не вырабляе).
Пры гэтым перахопнікі (прынамсі тыя, якія знаходзяцца ў Беларусі) вельмі актыўна лётаюць — з аэрадрома Мачулішчы адбываюцца рэгулярныя ўзлёты МіГ-31К, абазначаючы гатоўнасць выпусціць гіпергукавыя ракеты і трымаючы СПА Украіны ў напружанні.
Калі з’явіліся звесткі пра ўзгаранне рухавіка МіГ-31К 25 снежня мінулага года, украінскі ваенны аглядальнік Аляксандр Каваленка пісаў у сваім тэлеграм-канале: «На сённяшні дзень на знішчальнікі МіГ-31к аказваецца нечуваны рэсурсны ціск. Гэтыя самалёты рэгулярна выкарыстоўваюцца <…> для імітацыі ўдараў ракетамі Х-47М „Кінжал“. А кожны ж такі палёт — гэта нагрузка на рухавік і ў цэлым усе сістэмы самалёта, які складана назваць новым. То-бок на стары рухавік, які даўно ўжо выпрацаваў свой рэсурс, рэгулярна аказваецца нагрузка, якую ён папросту не можа вытрымаць праз поўны знос. Які можа быць вынік такой дзейнасці? Паломка і які-небудзь інцыдэнт з кіданнем іскраў».
Толькі за 2022 год ад аварый загінула чатыры МіГ-31: у студзені, красавіку, кастрычніку і снежні. Падобна, састарэлым машынам, якія не вырабляюцца амаль 30 гадоў, рамонт дапамагае не заўсёды. А самалётаў, якія базуюцца ў Беларусі, гэта датычыць яшчэ ў большай ступені, чым астатніх — ім пастаянна даводзіцца лётаць, марнуючы рэсурс рухавікоў. Таму інфармацыя «Гаюна» з вельмі высокай імавернасцю — праўда. І гэтак жа імаверна, што гэты выпадак не апошні — ні адзін МіГ-31 з часам маладзець не будзе.