У 2023 годзе самымі папулярнымі імёнамі для нованароджаных у Беларусі сталі (як і ў 2022-м) Сафія і Міхаіл. У топе папулярных імёнаў для дзяўчынак аказаліся таксама Ева, Ганна, Марыя і Аліса, а для хлопчыкаў — Марк, Мацвей, Раман і Максім. Папулярнасць імёнаў прыкметна змяняецца год ад года, і цяперашні «нэймінг» дзяцей прыкметна адрозніваецца нават ад таго, які склаўся ў пачатку мінулага дзесяцігоддзя. Так, у 2012 годзе самымі папулярнымі імёнамі для дзяўчынак былі (у парадку змяншэння) Марыя, Ганна, Анастасія, Дар’я і Соф’я, а для хлопчыкаў — Арцём, Мікіта, Аляксей і Максім. А якія імёны ў Беларусі былі папулярныя ў яшчэ больш далёкім мінулым? Мы вывучылі гэтае пытанне.
Воўк, Вярбіла, Рагвалод: найстаражытнейшыя імёны продкаў беларусаў
Да прыняцця хрысціянства сярод славянскіх продкаў беларусаў выкарыстоўваліся два тыпы імёнаў, створаных на базе славянскай лексікі. Першы, больш стары, — гэта простыя, аднасастаўныя імёны, у якасці якіх выкарыстоўваліся:
- назвы жывёлаў (Воўк, Заяц, Кот, Карова, Сокал, Жук);
- назвы раслін (Пырэй, Шчавей, Дуб, Граб);
- лічэбнікі, якія абазначаюць старшынства пры нараджэнні (Пярвак, Пярвой, Другі, Трацяк).

Таксама выкарыстоўваліся імёны, дадзеныя:
- паводле вонкавых прыкметаў (Даўгі, Сухі, Малы, Галавач, Бел, Белы, Бялуха, Чарныш);
- паводле стаўлення ў сям'і да дзіцяці (Любім, Мілава, Поспел, Чаян);
- паводле часу нараджэння дзіцяці (Вяшняк, Зіма).
Таксама існавалі імёны — абярэгі ад злых духаў (Злоба, Няміл, Някрас, Нялюба, Стары).
Пазней з’явіліся новыя, складанейшыя, састаўныя славянскія імёны, у якіх тым не менш таксама выдатна адчувалася значэнне словаў-характарыстык. Гэта такія імёны, як Яраполк, Ізяслаў, Усяслаў, Брачыслаў, Барыслаў, Багалеп, Святаполк, Багдан, Любамір, Рагвалод, Яраслаў, Уладзімір, Мсціслаў.
З распаўсюдам на сучасных беларускіх землях хрысціянства тут з’явіліся і традыцыйныя царкоўныя імёны габрэйскага, грэцкага і рымскага паходжання. Аднак цалкам выцесніць паганскія славянскія імёны хрысціянская царква не змагла. Гэтае выцясненне адбывалася вельмі павольна. Пачаўшыся ў IX стагоддзі, яно не скончылася нават праз 600 гадоў: у XV-XVI стагоддзях, паводле ацэнак даследчыкаў, ва ўсходніх славян каляндарныя хрысціянскія імёны мела 89% насельніцтва, а паганскія — 11%.
Вельмі часта людзі мелі два імені: пры нараджэнні дзіцяці давалі традыцыйнае славянскае паганскае імя, а пры хрышчэнні — навамоднае хрысціянскае (у лік апошніх пасля кананізацыі мясцовых святых трапіла і частка імёнаў славянскага паходжання — напрыклад, Уладзімір, Яраслаў, Вячаслаў, Святаслаў).
Аж да XVII стагоддзя ў пісьмовых беларускіх крыніцах славянскія паганскія імёны сустракаюцца побач з кананізаванымі хрысціянскімі. Пры гэтым паступова іх функцыі раздзяляліся: хрысціянскае імя рабілася імем уласным, а славянскае ператваралася ў імя-мянушку, якое паказвала на канкрэтную прыкмету і дазваляла вылучыць умоўнага Яна ці Сцяпана сярод цёзак.
У пазнейшых беларускіх дакументах XVI-XVIII стагоддзяў сустракаюцца, напрыклад, такія падвойныя імёны, якія ўключалі хрысціянскае кананічнае ўласнае імя і славянскае імя-мянушку: Сцяпан Горбач, Іван Верашчака, Міцюха Сарока, Фядзец Козел, Пятрок Лапа, Арцём Лукошка, Амос Воўк, Даніела Куніца, Ёакім Шэршань, Кірэй Баран, Лукаш Ікач. Зрэшты, часта продкі беларусаў мелі адразу два славянскія імені-мянушкі: Вярбіла Гарагляд, Уладны Пастаўка, Война Лопат, Ждан Жаваронак, Ждан Голуб. Значная частка беларускіх прозвішчаў якраз і з’явілася ў XVII-XVIII стагоддзях на падставе гэтых імёнаў-мянушак.
Поўнае імя жыхара беларускіх земляў у сярэднявеччы (і аж да XVIII стагоддзя) магло складацца з трох, чатырох і нават пяці кампанентаў. У яго маглі ўваходзіць указанне на прыналежнасць да якой-небудзь мясцовасці ці народа, указанне на занятак і рамяство, уласнае імя, указанне на імя, імя-мянушку ці прафесію бацькі, маці або дзеда і ўласнае імя-мянушка.
Гэтыя кампаненты, як правіла, не выкарыстоўваліся ўсе адразу — у дакументах іх можна ўбачыць у розных камбінацыях: Андрей Петровичъ Полочанинъ, Жавняровичъ Иван Карпавичъ, Волк Матьюша Зенковичъ. Жанчыны часцей карысталіся аднаслоўнымі імёнамі — імем уласным, імем, утвораным ад імені бацькі ці ад назвы мясцовасці. Але ў выпадках, калі патрабавалася дакладнейшая ідэнтыфікацыя, і ў дачыненні да іх выкарыстоўваліся шматслоўныя імёны, напрыклад Орына Евфимовна Пантелова Романова Ребровичова ці Галшка Богданова Шванская Мокрицкая.
Меркаваць пра папулярнасць канкрэтных імёнаў на беларускіх землях у дахрысціянскі час немагчыма, бо пісьмовых крыніц з гэтага перыяду практычна не засталося. Уяўленне пра распаўсюджанасць імёнаў для перыяду Кіеўскай Русі і Полацкага княства можна скласці па захаваных летапісных крыніцах. Але з той папраўкай, што ў іх згадваюцца ў першую чаргу прадстаўнікі кіроўнага класа і царкоўныя іерархі. Напрыклад, сярод прыкладна трох дзясяткаў полацкіх князёў, якія кіравалі ў X-XIII стагоддзях, было па тры Усяславы, Рагвалоды, Васілі і Брачыславы, а таксама па два Усяславы і Валадары.
Ян і Ганна: самыя папулярныя імёны беларусаў у эпоху Вялікага Княства Літоўскага
Значна больш рэпрэзентатыўную выбарку беларускі лінгвіст Мікалай Бірыла здолеў сабраць для перыяду XVI-XVIII стагоддзяў, калі беларускія землі былі ядром Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Актыўная гаспадарчая, палітычная і ваенная дзейнасць гэтага часу знайшла адлюстраванне ў шматлікіх дакументах, якія зафіксавалі імёны тысяч продкаў сучасных беларусаў з розных саслоўяў.
Навуковец для свайго аналізу імёнаў таго часу выкарыстоўваў, у прыватнасці, дараваныя граматы і судовыя рашэнні, актавую кнігу Магілёўскага магістрата, пісцовыя кнігі Пінскага і Клецкага княстваў, перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1567 года, акты мінскага, віцебскага, аршанскага, полацкага і мсціслаўскага судоў, акты з кніг віцебскага і полацкага магістратаў, з кніг крычаўскай і ўшацкай магдэбурый — і многія іншыя дакументы.
Дзякуючы тытанічнай працы, праведзенай Мікалаем Бірылам у 60-х гадах мінулага стагоддзя, мы можам меркаваць пра распаўсюджанасць імёнаў на беларускіх землях ВКЛ у XVI-XVIII стагоддзях. У лік дзесяці самых папулярных мужчынскіх імёнаў у Беларусі ў той час уваходзілі:
1. Іяан (у тым ліку ў формах Ян, Іван) — 1100 згадак;
2. Феадор (Хведар, Ходар, Тэадор) — 372;
3. Андрэй (Ондрэй, Андраш) — 339;
4. Мікалай (Нікалай, Мікула, Міклаш) — 311;
5. Матфей (Мацей, Мацвей, Матвей, Матхвей, Матыяс, Мацьяс, Матыс, Матысь, Матус, Матуш) — 301;
6. Пётр — 236;
7. Мартын (Марцын) — 234;
8. Станіслаў (Стась) — 225;
9. Стэфан (Сцяпан, Стэфан, Шчэпан, Шчэфан, Счэпан) — 213;
10. Сімяон (Сямён, Шымон) — 205.
У другую дзясятку папулярных мужчынскіх імёнаў у Вялікім Княстве Літоўскім уваходзілі:
- Якаў (Якуб) — 202 згадкі;
- Павел — 182;
- Васіль (Васілій, Васілей, Васілі, Базылі, Базыль) — 163;
- Багдан — 176;
- Міхаіл (Міхайло, Міхайла, Міхала, Міхал, Міхно, Міхаль) — 138;
- Георгій (Юрый, Еры, Ежы, Юры, Еры, Юръи, Юр'і, Юрэй, Ер'і) — 119;
- Грыгорый (Грэгор, Гжэгаж, Грыгорэй, Грыгор) — 109;
- Данііл (Даніла, Данілей, Даніель, Даніела) — 102;
- Мікіта (Нікіта, Нікіцій) — 96,
- Аляксей (Олекса, Олексей, Олексій, Алекса) — 89;
Таксама даволі папулярнымі былі імёны Войцех (Войцэх), Раман, Цімафей, Філіп, Фама, Лаўрэнцій, Кандрат, Ілія, Ігнат, Антоній, Арцемій, Варфаламей, Афанасій (больш за 50 згадак кожнага).
Жаночыя імёны ў дакументах эпохі ВКЛ сустракаюцца значна радзей, чым мужчынскія. Гэта тлумачыцца, з аднаго боку, тым, што ўсе юрыдычна-прававыя дакументы афармляліся ў той час на галаву сям'і — мужчыну. З іншага боку, у многіх выпадках пры згадванні жанчын імя наогул не называлася — напрыклад, «Андрэевая Яцковіча» ў дакуменце 1567 года азначала жонку нейкага Андрэя Яцковіча. У масіве дакументаў ВКЛ, вывучаных Бірылам, часцей за ўсё згадваюцца наступныя жаночыя імёны:
1. Ганна (Анна) — 45;
2. Марына — 13;
3. Еўдакія (Аўдоця, Овдоцья, Овдоця) — 10;
4. Марыя (Маря, Маръя, Мар’я) — 10;
5. Агапія (Агафія, Агап’я, Агапя, Огапя) — 8;
6. Анастасія (Настася, Настасья) — 8;
7. Барбара — 8;
8. Алена (Елена, Олена, Галена) — 8;
9. Ксенія (Аксіня, Оксіня, Оксінья) — 8;
10. Юстына (Усціня, Усціня) — 8.
Пяць разоў і часцей згадваюцца таксама такія жаночыя імёны: Антаніна (Тося), Багдана, Дарыя (Даря, Одаря, Адарья, Адарыя), Ірына (Арына, Орына), Наталля (Наталія, Наталя), Сафія (Зафія), Ядвіга.
Такім чынам, самымі папулярнымі імёнамі ў эпоху ВКЛ былі розныя формы мужчынскага імені Ян і жаночае імя Ганна. Абодва апярэджваюць па частаце найбліжэйшых «пераследнікаў» (Феадора і Марыну) больш чым у тры разы.
Важна разумець, што значна больш рэлігійныя людзі ранейшых гадоў не мелі такой свабоды ў выбары імёнаў для сваіх дзяцей, як сучасныя беларусы. Ледзь не манапольнае права на прысваенне імя пры хрышчэнні мела царква. Менавіта святары выбіралі імя дзіцяці з улікам датаў царкоўнага календара. У найлепшым выпадку ў царкве ці касцёле маглі пайсці насустрач бацькам і прапанаваць на выбар некалькі імёнаў, выбраных з улікам найбліжэйшых датаў у царкоўнай кнізе.
Праз русіфікацыю — да Барыкадаў і Ленмарэнаў: імёны беларусаў у Расійскай імперыі і ў міжваенным СССР
Пасля таго як Расійская імперыя захапіла беларускія землі Вялікага Княства Літоўскага, прымусовай русіфікацыі падвергліся ў тым ліку традыцыйныя формы беларускіх імёнаў. Так, па волі расійскіх чыноўнікаў беларус Ярмола Янаў ператварыўся ў «Ермолая Иванова», Яўдак Цімохаў стаў «Евдокимом Тимоховым», Хвядос — «Федосом». Падобнай уніфікацыі з расійскімі «ўзорамі» падвяргаліся і беларускія прозвішчы, якія масава набывалі тыповыя для рускай мовы суфіксы «-ов-» і «-ин-» (так, напрыклад, нехта з продкаў Пятра Машэрава памяняў сваё беларускае прозвішча Машэра).
Яшчэ больш значныя змены ў складзе і структуры іменніка беларусаў адбыліся ў XX стагоддзі. У 20−30-х гадах ва ўсходняй палове краіны, якая трапіла пасля распаду Расійскай імперыі ў склад СССР, здарыўся сапраўдны бум стварэння і выкарыстання новых, штучных імёнаў. З аднаго боку, гэта стала вынікам новаздабытай свабоды бацькоў, якія пасля аддзялення царквы ад дзяржавы вызваліліся ад апекі святароў у пытанні выбару імёнаў для сваіх дзяцей. З іншага — адлюстроўвала імкненне новай савецкай улады рашуча парваць з усім старым.
Частка такіх імёнаў стваралася шляхам скарачэння некалькіх словаў з наступным аб’яднаннем іх у адно цэлае: Владлен (Владимир Ленин), Кэм (коммунизм, электрификация, механизация), Кім (Коммунистический интернационал молодежи), Ленмарэн (Ленин, Маркс, Энгельс), Вілен (Владимир Ильич Ленин), Вілор (Владимир Ильич Ленин — организатор революции). Іншым спосабам стала ператварэнне ў імёны ўласныя папулярных і мілагучных (з пункту гледжання бацькоў) імёнаў агульных: Авангард, Барыкада (па-руску Барикада — менавіта так, з адной «р»), Гіпатэнуза, Ідэя, Індустрыя, Ліра, Навела, Прагрэс, Трактар, Турбіна, Факел, Энергія.
Беларусы, менш падатлівыя ўздзеянню прапаганды, маглі ў імя свайго дзіцяці проста аб’яднаць імёны бацькоў. Так, сына беларускага скульптара Заіра Азгура назвалі Заірытам — у гонар таты Заіра і мамы Рыты.
Акрамя таго, у гэты ж міжваенны час у Беларусь праз літаратуру, газеты, кіно трапіла шмат пазычаных замежных імёнаў: Альберт, Арнольд, Артур, Рудольф, Эдуард, Аіда, Жанна, Эльвіра і іншыя.
Уладзімір з Валянцінай і Сяргей з Аленай: пасляваенны час і перыяд «развітога сацыялізму»
Зрэшты, гэты перыяд радыкальных эксперыментаў быў непрацяглым. Пасля Другой сусветнай вайны набор тыповых для беларусаў імёнаў практычна цалкам ачысціўся ад вычварных і нязвыклых навадзелаў. Другая палова XX стагоддзя характарызавалася ростам папулярнасці старых царкоўных імёнаў (такіх, як Іван, Дзяніс, Арцём, Ірына, Таццяна). Часцей пачалі выкарыстоўвацца і старажытныя, дахрысціянскія імёны накшталт Лады, Рагнеды, Святаслава.
Аўтары навучальнага дапаможніка «Беларуская антрапаметрыя» 2009 года для ацэнкі папулярнасці імёнаў сярод беларусаў у савецкі час вывучылі статыстыку прысваення імёнаў нованароджаным Віцебска і Полацка. Варта ўлічваць, што такая выбарка не ідэальная — у ёй не адлюстраваныя іменныя сімпатыі жыхароў сельскай мясцовасці або, напрыклад, Заходняй Беларусі. На жаль, такіх даследаванняў для гэтага часу па ўсёй тэрыторыі Беларусі нам знайсці не ўдалося.
У 1945−1950-х гадах у Віцебску органы ЗАГС зарэгістравалі 5076 нованароджаных хлопчыкаў, якіх назвалі 131 імем. Самымі папулярнымі з мужчынскіх былі:
1. Уладзімір — 793 дзіцяці;
2. Аляксандр — 436;
3. Валерый — 381;
4. Анатоль — 365;
5. Віктар — 361;
6. Мікалай — 285;
Гэтыя шэсць імёнаў у сукупнасці атрымаў 2621 хлопчык — амаль 52% ад усіх народжаных. За імі ішлі:
7. Леанід — 243;
8. Генадзь — 215;
9. Міхаіл — 185;
10. Сяргей — 132.
За гэты ж час у пасляваенным Віцебску нарадзілася 4954 дзяўчынкі, для якіх бацькі прыдумалі 160 розных імёнаў — то-бок на 29 больш, чым для хлопчыкаў. Гэта вельмі цікавая асаблівасць, бо цягам XVIII-XIX стагоддзяў — і аж да рэвалюцыйных узрушэнняў у пачатку XX стагоддзя — «асартымент» жаночых імёнаў у беларусаў быў значна меншым, чым мужчынскіх.
Самымі папулярнымі былі такія:
1. Валянціна (496);
2. Галіна (441);
3. Тамара (296);
4. Святлана (257);
5. Ларыса (253).
Гэтыя пяць імёнаў атрымала 2341 дзяўчынка — 47% ад іх агульнай колькасці. Наступнымі па папулярнасці былі:
6. Любоў — 168;
7. Таццяна — 153;
8. Раіса — 133;
9. Надзея — 127;
10. Ала — 122.
Для перыяду 1968−1975 гадоў даследчыкі вывучылі статыстыку па Кастрычніцкім раёне Віцебска, дзе ў гэты час нарадзіліся 2633 хлопчыкі. Іх назвалі 76 імёнамі. Самымі папулярнымі ў гэты час былі:
1. Сяргей;
2. Аляксандр;
3. Андрэй;
4. Ігар;
5. Дзмітрый.
У гэты перыяд у Кастрычніцкім раёне Віцебска нарадзілася і 2682 дзяўчынкі, якім бацькі далі 91 імя (гэта таксама прыкметна больш, чым 76 імёнаў для супастаўнай колькасці хлопчыкаў). Сярод іх самымі папулярнымі былі:
1. Алена;
2. Таццяна;
3. Святлана;
4. Наталля;
5. Ірына.
Чытайце таксама


