Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк вызвалілася ў пачатку лютага, цалкам адсядзеўшы больш за чатыры гады. За гэты час ёй двойчы працягвалі тэрмін. Пасля вызвалення жанчына пакінула Беларусь і прыехала ў Літву. У панядзелак, 10 лютага, яна выступіла з вялікай прэс-канферэнцыяй, падчас якой расказала пра 270 дзён у ШІЗА, «інтэрв'ю», якое давялося даць дзяржТБ, а таксама карную псіхіятрыю і тое, як яе вымушалі плаціць грошы на дзяцей, якіх дзяржава гвалтам узяла пад апеку. Прыводзім яе цытаты.

Брэсцкую актывістку, маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнда-Панасюк затрымалі ў студзені 2021 года і ў чэрвені прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі па артыкулах 364, 368 і 369 КК. Адбываць пакаранне яе адправілі ў жаночую калонію № 4 у Гомелі. Шарэнда-Панасюк магла выйсці на волю яшчэ ў 2022 годзе, але ў калоніі яе пастаянна абвінавачвалі ў парушэнні рэжыму і адпраўлялі ў ШІЗА. У выніку ў лютым 2022-га ў адносінах да жанчыны распачалі першую крымінальную справу па арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). У красавіку суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес прысуд — прызнаў вінаватай і прызначыў яшчэ год пазбаўлення волі. Адбыўшы свой павялічаны тэрмін, Шарэнда-Панасюк 6 жніўня 2023 года павінна была выйсці з калоніі. Аднак у адносінах да яе яшчэ раз распачалі крымінальную справу па арт. 411 КК. У кастрычніку 2023-га жанчыне прысудзілі яшчэ год калоніі.
Пра 270 дзён у ШІЗА
— Гэта проста голае памяшканне, дзе абсалютна нічога няма. Табе выдаюць форму, на спіне якой напісана ШІЗА. Яна можа быць маленькай: то-бок пінжак на табе не зашпільваецца, спадніца на табе, прабачце, як у жанчын пэўных катэгорый з нізкай маральнай адказнасцю. Яшчэ адміністрацыя можа гуляцца. Калі ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. — Заўв. рэд.), напрыклад, дапускае, што ў ШІЗА жанчына можа знаходзіцца ў кашулі з доўгім рукавом. Але гэта ўсё ідзе «на усмотрение начальника колонии». А начальнік «усмотрел», што ў ШІЗА жанчына можа знаходзіцца ўвогуле ў маечцы на брэтэльках. Шмат у якіх людзей гэтых маечак няма. Тады яны проста пінжак на голае цела апранаюць. І ты не можаш змяніць гэтую форму. Ты месяц сядзіш у ёй. У ёй ходзіш і спіш.
Святло — суткамі. Яшчэ Салжаніцын пісаў, што эканомім электраэнергію, якая пасля паліцца ў турмах. Тое ж самае зараз у Беларусі.
Гэта [камеры відэаназірання] і адкрыты ўнітаз. Там няма ніякай перагародкі. Нічога. Усе свае фізіялагічныя патрэбы ты спраўляеш пад камеры. Ты спіш, еш, ходзіш — усё пад камерамі. Своеасаблівая такая перадача «За шклом».
Прагулкі. У ШІЗА абсалютна няма ніякіх прагулак. Канешне, гэта абсалютнае пазбаўленне свежага паветра і сонца. Нават пра гэта гаворкі няма. Калі ты сядзіш у ШІЗА, ты сонца не бачыш. Ты не атрымліваеш свежага паветра.
Гэта голыя дошкі. Уначы ты таксама спаць не можаш, таму што вільгаць, холад. Па восем разоў жанчына ўстае за ноч у прыбіральню. Добра, калі ў цябе ёсць калготкі. Калі ў цябе няма калготак, ты проста ў шкарпэтках. Ну але затое ты, напрыклад, у зімовым абутку, які таксама ты зняць не можаш. Я была з адной жанчынай на працягу дзесяці дзён, а ў яе на нагах такія боты, «дуцікі» называюцца. У цябе выбар — альбо быць у дуціках, альбо хадзіць па халоднай каменнай падлозе басанож. Зразумела, што чалавек захоча трымаць ногі ў цяпле. І калі яна праз дзесяць дзён зняла гэтыя дуцікі, у яе проста былі белыя ногі. Яны апухлі.
Вільгаць. Канешне, гэта ўмовы для ўзнікнення, напрыклад, сухотаў. Таму што вільгаць страшэнная. Калі ты там нешта памыеш, яно не высахне. Людзі апранаюць [мокрыя рэчы], сушаць на сабе.
Душ. Цябе проста як быдла выганяюць з гэтай камеры — і гарачая вада 20 хвілін на дзень. А калі няма гарачай — мыйцеся халоднай. Не хочаце? Не мыйцеся. Ніхто вас не прымушае. Як кажуць, маеце права. Нейкая страшэнная душавая. Струменьчык яе такі тоненькі.
А яшчэ яны вельмі любяць гуляцца з гэтым мыццём (для жанчыны важна ўся гэтая гігіена): кажуць, дзесяць хвілін вам памыцца, прыходзяць чатыры чалавекі, а душа толькі тры. Як хочаце, так і мыйцеся. Вы намыліліся — кранік перакрылі. Як хочаце, так і змывайцеся.
Дарэчы, ужо з лістапада 2024 года [тэрмін] у ШІЗА ў Беларусі стаў 15 дзён. А ў калоніі № 24 адбыўся «цудоўны» рамонт ШІЗА: драўляныя падлогі заменены на каменныя. Вялікія вокны — на маленькія. Калі там раней стаялі ложкі, то цяпер гэта нары. Адна важыць 70 кілаграм. Жанчына мусіць падымаць іх.
Можна вельмі доўга распавядаць усе нюансы, у цэлым гэта катаванні і здзекі.
Пра маральныя катаванні
— Маральныя катаванні былі больш цяжкія, бо ў пэўны момант адчуваеш, што траціш кантроль над сваім розумам. Разумееш, што ты сядзіш дзесяць дзён у ШІЗА. А табе яшчэ накінуць дзесяць. А пасля яшчэ. І не можаш адключыць свой розум і ўключыць яго зноў праз месяц. Кожную секунду ты мусіш пратырчаць проста ў гэтых сценах, у гэтых здзеках і не можаш нічога зрабіць. Адчуванне такога бяссілля.
І разумееш, што мусіш хаваць свой дух, каб проста не зламацца, не распасціся там. Бо яны сапраўды чакаюць, што перад імі ўпадуць на калені, стануць слёзна маліць: выпусціце мяне з ШІЗА.
Пра кіраўніцтва ПК-24, што ў Зарэччы
— Так, сярод гэтых супрацоўнікаў было некалькі чалавек. Ну, скажам так, адэкватных, якія не ўдзельнічалі ў фабрыкацыі гэтых парушэнняў. Яны проста выконвалі загады і не пераступалі мяжу. Але большасць, на жаль, нелюдзі. У мяне часам складвалася ўражанне, што туды пайшлі адны садысты ці ўнутраныя садысты, у якіх там усё развілася. Зразумейце, што ўлада іх бязмежная над гэтымі жанчынамі.
Пра тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй
— Ёсць, безумоўна, група, якая супрацоўнічае з адміністрацыяй (гаворка пра ПК-24. — Заўв. рэд.). Я думаю, што ў сейфах ляжаць паперкі аб іх супрацоўніцтве. І яны звычайна свядома рабілі правакацыі. Тое, што і раней для сваіх, так бы мовіць, калег па няшчасці. Гэта ўжо запісныя такія стукачы, даносчыкі, якія ведаюць, як гэта рабіць.
А была катэгорыя іншых жанчын. Там я ўпершыню сутыкнулася з тым, наколькі бядотнае становішча Беларусі, якая не ў гарадах вялікіх жыве. Гэта такое вялікае жахлівае жабрацтва. Людзі гадамі сядзяць без нічога. І яны ідуць на гэтыя правакацыі супраць палітзняволеных, каб проста атрымаць хоць нейкі пачак гарбаты за два рублі і пачак цыгарэт, які таксама тры рублі каштуе. І не таму, што яны супраць палітзняволеных. Проста ў іх вельмі гаротнае становішча.
Але ў большасці было нармальнае адэкватнае разуменне сітуацыі, нашага становішча і спачуванне. Яно, можа, не было вонкавым. Яны дзесьці проста падыходзілі ціха ў куточку і казалі: «Мы вас шкадуем, усё разумеем, нам вас вельмі шкада, але тут усе баяцца, мы нічога сказаць не можам».
Пра збіццё
— Была правакацыя ў 2023 годзе. Нас трымалі ў ПКТ (у калоніі № 24. — Заўв. рэд.). Каб нам не сядзелася добра, увесь час падкідвалі жанчын, у якіх на фоне алкаголя ці ўвогуле проста з нараджэння былі ўжо нейкія псіхічныя праблемы. І была там такая жанчына, што атрымала дадатковы тэрмін, бо напала на ахоўніцу гэтай калоніі. І ёй было вельмі кепска ў гэтай ПК. А ў іх там градацыя: ПК — кепска, а вось ёсць магілёўская турма, у ёй сядзець вельмі файна. Таму што там умовы трошкі іншыя. І ў яе была мара — патрапіць ў магілёўскую турму. Яна проста адкрыта казала: «Что бы такое сделать, чтобы скорее туда уехать». Яна перыядычна нападала на людзей, збівала іх (у яе, напэўна, нешта з псіхікай, бо была такая фаза).
І вось яна напала [на мяне], збівала нагамі, рукамі. Я проста закрылася і разумела, адміністрацыя гэтага чакае, магчыма, яны справакавалі вось гэта, каб сфабрыкаваць яшчэ артыкул і новы тэрмін. А ты проста разумееш, што ты не можаш нічога зрабіць, бо яны толькі чакаюць, калі ты дасі здачы. Яна разбіла мне твар, ішла кроў з носа. Калі мяне вялі ў санчастку, я сустрэлася па дарозе са спадаром Курловічам (гаворка пра начальніка ПК-24 Дзмітрыя Курловіча. — Заўв. рэд.). Я кажу, што вось такое здарылася, прашу паведаміць майму адвакату. Ён так пасміхнуўся, сказаў: «Мы никому ничего не обязаны сообщать».
Пра шантаж дзецьмі
— Канечне, мяне шантажыравалі дзецьмі. А калі муж з’ехаў з Беларусі, сваякоў (бабуль з дзядулем) прымусілі аформіць гэтак званую апеку дзяржавы над імі. І адразу пераключылі мяне на выплату [сродкаў на ўтрыманне дязцей]. Выплаціць я была не ў стане. Чалавек, калі падпадае пад Дэкрэт № 18, [аказваецца] ў такой турме ў турме. То-бок яшчэ ды яшчэ больш жорсткія ўмовы па перадачах, па фінансаваннях, гэта фактычна рабская праца на гэтай фабрыцы. Дэкрэт напісаны нібыта ў добрых мэтах — аховы дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы — але мы бачым, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае яго для шантажу бацькоў.
Пра карную псіхіятрыю
— Як казаў Рыгоравіч: «Мы сохранили от СССР все лучшее». У тым ліку і карную псіхіятрыю мы захавалі. Гэты рэжым выстаўляе так, што нелаяльнасць да яго прыраўноўваецца да нейкіх псіхічных адхіленняў. Я мела магчымасць пачытаць запісы ў псіхіятра калоніі № 24. Там было чорным па беламу напісана [пра мяне]: «Называет себя „палітвязнем“. Диагноз — параноидальное расстройство личности».
Канечне, гэта таксама такі дадатковы ціск на чалавека, што яго вязуць да псіхіятра. Маўляў, раз вязуць да псіхіятра, значыць, штосьці [не так]. І сам чалавек пачынае ў сабе сумнявацца, і для іншых ён становіцца як нейкі такі заплямлены. Нічога новага, тое, што было ў СССР, — карная псіхіятрыя.
Я бы не назвала [тых, хто там працуе,] медыкамі. Для мяне яны проста нікчэмныя людзі. Яны цудоўна разумеюць, у якой краіне жывуць, якую працу выконваюць. Ведаюць, што працягваюць катаваць палітзняволеных. І тым не менш ходзяць на гэтую работу.
Прашэнне аб памілаванні
— Гэта стала масавай з’явай. Я ведаю, што людзі пачыналі пісаць прашэнні, калі сталі прыходзіць гэтыя лісты ад Васкрасенскага. У жніўні 2021 года я атрымала такі ліст. Безумоўна, у нас была такая пазіцыя, што кожны з палітвязняў выбірае для сябе, пісаць гэта ці не. Вось і мы выбралі, што мы не пішам гэтыя лісты. І калі яны [адміністрацыя калоніі] бачылі, што чалавека можна гнуць, што ён піша, чалавек, канечне, атрымліваў нейкія палёгкі. Напрыклад, у побытавых умовах, перадачах.
Калі людзі адмаўляліся пісаць, супраць іх пачынаў рэалізоўвацца сцэнар катавання. То-бок чалавек гарантавана проста ўжо не вылазіў з ШІЗА і ПКТ. Чаму Вольга Маёрава, Алена Гнаук, Віка Кульша і я апынуліся менавіта ў калоніі № 24? Гэта праз нашу адмову ўвогуле ісці на нейкае супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Тады уключаецца рэжым максімальнага тэрору. Не трэба ім там, напрыклад, збіваць чалавека ці яшчэ нешта, дастаткова проста трымаць у такіх умовах. І чалавек, на жаль, разумее, што ён альбо памрэ, альбо будзе вымушаны гэта напісаць (сама Паліна Шарэнда-Панасюк таксама вымушана была падпісаць прашэнне аб памілаванні. — Заўв. рэд.).
Пра расіяніна, што быў падчас запісу «інтэрв'ю» дзяржаўнаму каналу
— Яны толькі зайшлі ў будынак (я стаяла там), ён так паглядзеў на мяне такім вокам і кажа: «Ага, вижу, что не смирилась». Калі я папрасіла яго прадставіцца, пасміхаўся, сказаў: «Я вам представляться не буду». Ён хадзіў паўсюль за намі. Там быў прадстаўнік ГУБАЗіКу. Яны адыходзілі і нешта там шапталіся. Той паказаў гэтаму «губазіку», якія тэмы трэба закрануць, што ды як.
Я звярнула ўвагу на такі цікавы момант. Ён выходзіў на вуліцу, а там камеры [відэаназірання] ёсць. Ён адразу так капюшон [нацягнуў] на галаву. Я думаю, нічога сабе! Здаецца, святая святых вось гэтага ГУЛАГу. Ён там мусіць хадзіць і, як кажуць, дзверы адчыняць нагамі, а ён накідвае капюшон. Ці гэта недавер да гэтай сістэмы?
Пра развітальны ліст родным
— Я пісала, што мы можам больш, напэўна, не пабачыцца. Увесь час гэта думка прысутнічала, што мы можам не выйсці. І калі я, напрыклад, даведалася, што не спрацавала прашэнне аб памілаванні, не спрацавала інтэрв'ю… Канечне, у мяне была вельмі вялікая дэпрэсія. І я думала, напэўна, у іх пастаўлена задача мяне проста знішчыць. Фактычна я развітвалася.
Пра колькасць палітвязняў
— Насамрэч палітвязняў не тая тысяча чалавек (на 10 лютага 2025 года ПЦ «Вясна» прызнаў палітычнымі зняволенымі 1229 чалавек. — Заўв. рэд.). Іх нашмат больш. На ўсіх этапах, па якіх мяне ганялі гэтыя чатыры гады, я ўвесь час сутыкалася з людзьмі, што былі затрыманыя па палітычных матывах. На жаль, такая палітыка ўнутры Беларусі, што людзі проста баяцца называць сябе палітвязнем (альбо запалоханыя сваякі) і гэта інфармацыя не выходзіць за межы турмы ці Беларусі. Насамрэч палітвязняў тысячы-тысячы-тысячы. А калі браць абагульнена, то зараз палітвязень — увесь беларускі народ, які застаўся ў заложніках у гэтага тэрарыстычнага рэжыму.
Пра тое, як не даходзіць інфармацыя да асуджаных за «палітыку»
— Абсалютна інфармацыя не даходзіць. Бо нас трымаюць у інфармацыйным вакууме. Калі вы знаходзіцеся ў ШІЗА ды ПКТ месяц за месяцам, ніякай абсалютна інфармацыі да вас не даходзіць. Абсалютна ніякай. Адвакаты запалоханыя, нічога не могуць сказаць. Яны проста глядзяць у падлогу. Таму што таксама хочуць жыць.
Кожны раз пры сустрэчах [супрацоўнікі калоніі кажуць], што на вас усім напляваць, пра вас усе забыліся. Гэта стандартнае. Тут шмат чаго залежыць ад чалавека. Калі ёсць унутраны стрыжань, ён разумее, што гэта лухта, падман. А ёсць дастаткова шмат людзей, якія ўпершыню сутыкнуліся з гэтым тэрорам, з гэтым жахам. Канешне, у чалавека проста апускаюцца рукі. Ён думае, што сапраўды ўжо ўсе пра яго забылі, ён нікому не патрэбны, яго тут заб’юць і нікому гэта не будзе цікава.
Пра вызваленне
— Яны цалкам мяне пратрымалі. Ні прашэнне аб памілаванні, ні інтэрв'ю нічога не дало. Я падазравала, што можа быць правакацыя. Што, напрыклад, у калоніі мне таксама сфабрыкуюць напад на ахоўніка. Лічыла, яны гатовы былі гэта рабіць.
У мяне было такое падазрэнне, што яны гэтым разам не паспяваюць зрабіць яшчэ адзін 411-ы артыкул, бо не хапае месяца, каб гэты бюракратычны зварот папер прайшоў. Таму мяне адпусцілі і далі два гады нагляду. Гэта такі кароткі павадок. Калі чалавек парушае нагляд, ён зноў трапляе ў калонію. А на волі парушэнне можна сфабрыкаваць на працягу тыдня. І так [магло быць] па коле, да 2030 года, напрыклад.
Таксама мне было заяўлена: «Вы ж разумееце, што, калі б мы не прызначылі выбары на студзень, а напрыклад, на сакавік, вы б не выйшлі». То-бок пра што тут размаўляць, пра якую міласэрнасць з іх боку? Не, абсалютна не.
Пра рашэнне з’язджаць з Беларусі
— Канечне, разуменне, што трэба выехаць, узнікла ў мяне, бо ёсць пагроза жыццю. Таксама я разумею, што калі застаюся ў Беларусі, то проста знікаю з палітычнай сцэны, ператвараюся ў нікога, дворніка ЖЭС, скажам так. Таму трэба [было] выехаць для таго, каб захаваць сябе як палітыка. І канечне, каб уз’яднацца з сям'ёй.