У Генштабе УСУ расказалі, адкуль з тэрыторыі Беларусі запускаюць іранскія «Шахеды»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Беларусь з Расіі перакідваюць падраздзяленні расійскай першай танкавай арміі. На вайсковым аэрадроме пад Лунінцам размяшчаюцца іранскія беспілотнікі. Пра гэта на брыфінгу заявіў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў.

Заместитель начальника Главного оперативного управления Генерального штаба Вооруженных сил Украины Алексей Громов. Фото: Украинский кризисный медиа-центр
Намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны Аляксей Громаў. Фота: Украінскі крызісны медыяцэнтр

— Цяпер ідзе перакідванне ў Беларусь падраздзяленняў расійскай першай танкавай арміі, у першую чаргу — другой мотастралковай дывізіі разам з тэхнікай і мабілізаванымі асобамі.

Па словах Громава, для перавозкі ваеннай тэхнікі, абсталявання і асабовага складу цягам кастрычніка было задзейнічана больш за 1,5 тысячы чыгуначных платформаў, 200 пасажырскіх вагонаў, каля 100 грузавых вагонаў.

Прадстаўнік Генштаба назваў фарміраванне сумеснай расійска-беларускай групоўкі неадназначным фактам. Ён не выключыў, што ў аддаленай перспектыве яна можа быць задзейнічаная ў агрэсіі супраць Украіны.

Громаў таксама адзначыў, што тэрыторыя Беларусі працягвае выкарыстоўвацца для нанясення ўдараў па Украіне.

— Асаблівая роля адводзіцца авіябазе ў раёне населенага пункта Лунінец Брэсцкай вобласці, дзе размяшчаюцца іранскія беспілотныя лётныя апараты, а таксама пэўная колькасць іх аператараў, — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія і Беларусь дамовіліся пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў 10 кастрычніка. Чакаецца, што ў Беларусі размесцяць каля 9 тысяч расійскіх вайскоўцаў, РФ таксама перакіне каля 170 танкаў, да 200 баявых браніраваных машын і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм.