Лукашэнка запатрабаваў ад рэктараў спыніць «усякія ўцёкі за межы краіны». Выпускнік БДУ, які з'ехаў з Беларусі, яму адказаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Улады каторы год беспаспяхова спрабуюць навесці парадак у адукацыі. 13 лютага на нарадзе з рэктарамі ВНУ Лукашэнка наракаў, што найлепшыя выпускнікі з’язджаюць з Беларусі, школьнікі паступаюць за мяжу, і даручыў «вырашыць праблему». Пасылы ўсё тыя ж: «задача — страсянуць ВНУ», вынікам чаго мусіць стаць «адсутнасць усякіх ўцёкаў за межы краіны». У калонцы для «Люстэрка» дактарант Карлава ўніверсітэта ў Празе Аляксандр Паршанкоў, які скончыў БДУ, тлумачыць Лукашэнку, чаму людзі не хочуць вучыцца ў Беларусі.

Александр Паршенков. Фото из архива собеседника

Аляксандр Паршанкоў

Скончыў гістарычны факультэт БДУ, пазней — магістратуру гэтага ўніверсітэта. У 2021 годзе праз палітычную сітуацыю з’ехаў з Беларусі, цяпер — дактарант Карлава ўніверсітэта ў Празе, старшыня камісіі па справах студэнцтва Каардынацыйнай рады.

Для пачатку раскажу пра свой досвед. Я скончыў сярэднюю школу ў Гомелі са срэбным медалём і як лаўрэат дыплома I ступені рэспубліканскай алімпіяды паступіў без экзаменаў на гістфак БДУ. Скончыўшы ВНУ, паступіў у магістратуру на тым жа факультэце, а восенню 2021 года праз палітычную сітуацыю ў краіне вымушаны быў з’ехаць. У 2020-м я ўдзельнічаў у пратэстах і быў адным з заснавальнікаў Свабоднага прафсаюза БДУ, праз што потым адмянілі маё размеркаванне ў Акадэмію навук. А мяне прымусова адправілі выкладаць у яслі-садок-сярэднюю школу аграгарадка ў Смаргонскім раёне.

Паколькі дарога ў навуку мне была ўжо закрытая (пра гэта наўпрост казала кіраўніцтва Акадэміі навук і факультэта), я скарыстаўся магчымасцю і паступіў у аспірантуру на філасофскі факультэт Карлава ўніверсітэта. У выніку, як той, хто не адпрацаваў па размеркаванні, выплаціў дзяржаве за пяць гадоў навучання 35 129 рублёў.

А цяпер, уласна, да тэмы. Што ж не так з нашымі ВНУ і чаму ў іх не хочацца вучыцца?

Першае — нізкі ўзровень выкладчыцкага складу. Легендарныя «пажоўклыя лісткі машынапіснага тэксту» ў руках у людзей, якія не мянялі сваіх лекцый дзесяцігоддзямі, сталі мемам. Яркіх лектараў нават да 2020 года можна было пералічыць на пальцах. А ў 2020-м сітуацыя пагоршылася праз хвалю масавых звальненняў. Маштаб іх можна ацаніць на прыкладзе роднага мне гістфака БДУ: за палітыку звольнілі больш за 15 высокакваліфікаваных выкладчыкаў. І я не магу назваць ніводнага з тых, што прыйшлі на замену звольненым, чый узровень быў бы хоць у чымсьці блізкі да ўзроўню тых, каго вымусілі сысці. Прафесіяналаў, якія працягваюць працаваць насуперак усяму і больш-менш трымаюць якасць вышэйшай адукацыі, застаецца ўсё менш.

Але што казаць пра выкладчыкаў, калі ў Міністэрстве адукацыі далёка не ўсе адказныя за вышэйшую школу карыстаюцца камп’ютарамі? Якіх інавацый і прарыўных ідэй мы можам чакаць ад такіх кіраўнікоў?

Другое — рэпрэсіі па палітычных матывах. За апошнія два гады толькі на маім факультэце больш чым 50 студэнтаў прайшлі праз гэтую машыну — хаця б аднойчы яны былі затрыманыя. Не менш за пяць чалавек асудзілі па крымінальных артыкулах. Паводле апошніх звестак, сабраных валанцёрамі праекта Students4students, за кратамі па крымінальных артыкулах знаходзіцца не менш за 38 студэнтаў і студэнтак Беларусі.

Між тым студэнцтва — гэта час надзей і веры ва ўласныя магчымасці. І хлопцы і дзяўчаты, якія мысляць крытычна, разумеюць, што іх уласнае меркаванне мала каго будзе цікавіць у беларускай ВНУ. У выніку таленавітыя маладыя людзі, разумеючы, з чым яны сутыкнуцца, выбіраюць паступаць за мяжу. Прычым нават суседняя Расія, якая знаходзіцца ў стане вайны і пад санкцыямі, часам здаецца ім больш прывабным варыянтам.

Трэцяе — заідэалагізаванасць і адсутнасць свабоды. Студэнцкае самакіраванне, як на мяне, абсалютна бутафорскае, ніяк не ўплывае на рашэнні кіраўніцтва ВНУ. Беларускія студэнты могуць разлічваць на ўдзел у арганізацыях, якім дазволена размяркоўваць пуцёўкі ў санаторыі або рыхтаваць культурныя мерапрыемствы. На гэтым самакіраванне заканчваецца.

У саміх ВНУ таталітарныя метады ўжо выцясняюць аўтарытарныя. Абавязковым становіцца ўдзел у «школах маладога выбаршчыка», удзел у датэрміновым галасаванні, складаюцца спісы на прымусовыя паездкі да месцаў памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, сустрэчы з прадстаўнікамі сілавых структур робяцца для студэнтаў і студэнтак ВНУ руціннай справай. Ёсць яшчэ спецыяльныя аддзелы, якія манітораць старонкі супрацоўнікаў у інтэрнэце. Даходзіць да таго, што кіраўніцтва ўстановаў адукацыі загадвае супрацоўнікам выдаляць з сяброў у сацыяльных сетках «нядобранадзейных» фрэндаў. Праз гэта людзі, якія з бляскам у вачах прыходзяць у аўдыторыі, ужо пасля першага семестра імкнуцца пакінуць ВНУ.

Чацвёртае — абавязковае размеркаванне. Я заўсёды губляюся, калі тлумачу маладым чэхам, што такое размеркаванне. Нават моладзь у Расіі ўжо не разумее, што гэта. Каму яшчэ не ясна, што гэты анахранізм не мае ніякага сэнсу? Няўжо не відавочна, што для таго, каб малады спецыяліст паехаў у вёску, яму трэба сур’ёзна падняць заробак і даць дадатковыя «плюшкі»? Апеляцыя да таго, што нашыя бабулі моўчкі ездзілі ў рэгіёны, з захапленнем працавалі, спалі ў адрынах і не скардзіліся, для XXI стагоддзя выглядае трызненнем. Малады спецыяліст не расходны матэрыял, важна ж не толькі прымусіць яго адпрацаваць два гады, але і затрымаць у прафесіі. Які сэнс вучыць чалавека больш за чатыры гады, калі пасля таго, як ён на ненавіснай працы праседзіць два гады, яго жаданне працаваць па спецыяльнасці знікне назаўжды? Асабліва, на маю думку, гэта датычыць маладых дактароў, якія часта працуюць у рабскіх умовах.

Яшчэ абсурдней гучаць заявы пра неабходнасць прымусова размяркоўваць платнікаў або павялічваць тэрмін адпрацоўкі. Гэта толькі абурыць людзей і дадаткова адштурхне абітурыентаў. І згуляе на руку Расіі, куды паедзе вучыцца яшчэ больш нашых школьнікаў: там няма размеркавання, а беларусаў гатовыя браць бясплатна.

Функцыянеры, што страцілі рэшткі сумлення, цяпер адкрыта заяўляюць студэнтам, што размеркаванне будзе залежаць ад іх грамадзянскай пазіцыі. Гэта акурат укладваецца ў формулу Лукашэнкі: «Адукацыя не можа быць па-за палітыкай».

Пятае — бессэнсоўныя перамены. У краіне цяпер дзейнічае такі прынцып: калі можна зрабіць горш, абавязкова трэба зрабіць горш. Любая «мадэрнізацыя» толькі пагаршае і без таго цяжкую сітуацыю. Напрыклад, на маім родным гістфаку БДУ доктар навук Сцяпан Цемушаў, уся навуковая кар’ера якога звязаная з кафедрай гісторыі Расіі, цяпер узначальвае кафедру гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў. Да чаго добрага могуць прывесці такія змены? І ў выніку лепш за ўсё функцыянуюць тыя сферы, у якія дзяржава не ўмешваецца. Такое меркаванне я чую ад многіх маіх суразмоўцаў у Беларусі.

Адзіныя моцныя бакі нашай сістэмы вышэйшай адукацыі — гэта стыпендыі (у еўрапейскіх ВНУ стыпендыю па змаўчанні не атрымліваюць), якія выплачваюцца ўсім студэнтам, што маюць сярэдні бал, не ніжэйшы за вызначаны ўзровень, і нізкія цэны на інтэрнаты. Так, напрыклад, цяпер месца ў пакоі ў цэнтры Мінска для студэнтаў БДУ каштуе каля 40 рублёў. У чэшскай Празе знайсці інтэрнат, таннейшы за 180 еўра за месяц, практычна немагчыма, студэнты ЕГУ плацяць каля 220 еўра.

Дзеля аб’ектыўнасці адзначу, што такі падыход — інструмент падпарадкавання. Адміністрацыі беларускіх ВНУ маніпулююць студэнтамі. Каб разлічваць на магчымасць засялення, студэнты, якія не маюць ільгот, нават з сярэднім балам вышэй за дзевяць часцяком вымушаныя паслухмяна адпрацоўваць сваю ролю масоўкі на ідэалагічных мерапрыемствах.

Я не ідэалізую ВНУ краін ЕС, у якіх таксама хапае праблем і з фінансаваннем, і з кадрамі. Але ў еўрапейскіх студэнтаў значна больш свабодаў і магчымасцяў. Да прыкладу, гэта і самакіраванне, якое рэальна дзейнічае, і выбарнасць рэктараў, і праграма акадэмічнай мабільнасці Erasmus+ (па ёй студэнты маглі нейкі час вучыцца ва ўніверсітэтах па ўсёй Еўропе, раней была даступная ў Беларусі. — Заўв. рэд.). А яшчэ — наяўнасць сотняў стыпендый і магчымасць самастойна выбіраць значную частку курсаў і выкладчыкаў.

Таму спробы ўвесці забарону на паступленне ў іншыя краіны, як, зрэшты, любая іншая забарона ў адукацыі, абсурдныя. Без абмену досведам, без свабоднай камунікацыі вышэйшая адукацыя страчвае сваю сутнасць. Студэнты мусяць мець магчымасць бачыць рэальны свет. Маладым людзям як нікому патрэбная свабода, і без яе любая сістэма асуджаная. Як асуджаная, на вялікі жаль, і сістэма вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.