«„Лечаць“ ад боляў у страўніку да праблем са зрокам». Даведаліся ў неўролага, што за спецыялісты «храбусцяць» людзьмі і чаму да іх лепш не ісці
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У сацсетках поўна відэа, на якіх людзі літаральна «храбусцяць» косткамі іншых, рэзка паварочваюць ім шыю і выварочваюць рукі. Цяпер яны пайшлі яшчэ далей: пачалі з’яўляцца ролікі з «храбусценнем» сабакамі і катамі. Сцвярджаецца, што ўсё гэта мае дапамагаць кліентам і «лячыць» іх. Хто гэтыя людзі і на чым заснаваныя іх ідэі? Ці праўда гэта працуе? Якія рызыкі ёсць у такіх маніпуляцый? Пагаварылі пра гэта з доктаркай-неўролагам.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

Мы не называем прозвішча суразмоўніцы з меркаванняў бяспекі. Яна дзіцячая доктарка-неўролаг, у прафесіі больш за сем гадоў.

«Пасыл, што пазванкі абавязкова трэба механічна ўправіць, у прынцыпе няслушны»

Спецыялісты, якія «храбусцяць» косткамі, выварочваюць рукі і рэзка паварочваюць шыю, — гэта хірапрактыкі. Сфера іх дзейнасці лічыцца псеўданавукай і прыкладам альтэрнатыўнай медыцыны. Хірапрактыка з’явілася яшчэ ў канцы XIX стагоддзя, калі магнітатэрапеўт з ЗША Даніэль Дэвід Палмер заявіў, што змог аднавіць слых пацыента, проста «ўправіўшы» яму пазванок.

— Ідэі хмрапрактыкаў заснаваныя на аднаўленні фізіялагічнага становішча суставаў,-тлумачыць доктарка-неўролаг Марына. — Наогул усё, што звязана з такімі ручнымі маніпуляцыямі, адносіцца да мануальнай тэрапіі. Яна грунтуецца на паняцці «пазваночна-рухальнага сегмента» (так называюць частку пазваночніка, якая складаецца з двух сумежных пазванкоў з адпаведнымі суставамі, цягліцамі і звязкамі і міжпазванковага дыска паміж імі. — Заўв. рэд.). І сам па сабе гэта цалкам навуковы тэрмін. Але далей пачынаецца праблема: доказаў таго, што менавіта ручныя маніпуляцыі з целам, суставамі ці пазванкамі могуць вылечыць хваробу (як у выпадку правераных эксперыментамі лекаў), папросту няма. Таму і астэапатыя (калі выкарыстоўваюцца масажныя рухі і націсканні), і хірапрактыка (рэзкія рухі і тое самае «храбусценне») лічацца псеўданавукамі і не прызнаюцца з пункту гледжання доказнай медыцыны. Для мяне як для доктаркі, што грунтуецца на яе прынцыпах, усе гэтыя ідэі сумнеўныя.

Вяртаючыся да хірапрактыкі, спецыялістка адзначае: сапраўды, часам можа парушацца анатомія цела, зрушвацца пазванок, і гэта будзе прыводзіць да болю. І калі пазванок вярнуць на месца, боль знікне. Але тут ёсць некалькі нюансаў.

— Па-першае, каб чалавек быў дакладна ўпэўнены, які эфект будзе пасля яго дзеянняў, патрэбнае добрае веданне анатоміі і фізіялогіі. Ці ёсць яно ў хірапрактыкаў? Вялікае пытанне. У выніку ад іх маніпуляцый аднаму чалавеку можа стаць лепш, а другому можна пашкодзіць звязкі і толькі пагоршыць стан, — тлумачыць Марына. — Па-другое, сам пасыл, што пазванкі абавязкова трэба механічна ўправіць, у прынцыпе няслушны. Звычайна для гэтага прызначаюцца міярэлаксанты (група прэпаратаў, якія выкарыстоўваюць для зняцця цягліцавых спазмаў пры астэахандрозе, артрозах, радыкуліце і іншых захворваннях. — Заўв. рэд.), каб расслабіць мышцы. У сітуацыі, калі парушаецца анатомія суставаў і звязак, мышцы спрабуюць кампенсаваць гэта і часта перанапружаныя.

Прычым расслабленне дасягаецца не адным уколам, фізіялагічнае становішча аднаўляецца паступова. Калі гэтага не адбываецца, патрабуюцца хірургічныя маніпуляцыі. Да таго ж не заўсёды трэба аднаўляць фізіялагічнае становішча: у самых запушчаных выпадках пазваночнік можа выглядаць не так, як у здаровых людзей, і ўся кампенсацыя (з'ява, пры якой у арганізме адбываюцца змены, каб выправіць які-небудзь функцыянальны ці структурны недахоп. — Заўв. рэд.) будзе выбудаваная вакол яго. Гэта таксама важна ўлічваць, але дактары пра гэта ведаюць, а хірапрактыкі — не заўсёды.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Karolina Kaboompics, pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Karolina Kaboompics, pexels.com

Яшчэ адзін нюанс датычыць таго, што менавіта «лечаць» хірапрактыкі. З пункту гледжання анатоміі чалавека, механічнымі ручнымі дзеяннямі можна паўплываць на вельмі абмежаванае кола праблем, тлумачыць медык, і ўсе яны, як правіла, не звязаныя з хваробамі.

— Добра яшчэ, калі іх дзеянні скіраваныя на ліквідацыю, напрыклад, нейкіх цягліцавых боляў у спіне (і тое калі няма карэньчыкавага сіндрому, то-бок паражэння нерва ў сегменце пазваночніка), — кажа спецыялістка. — Але яны ж «лечаць» што заўгодна, ад боляў у страўніку да праблем са зрокам. У рэдкіх выпадках боль ва ўнутраных органах і праўда можа быць звязаная з праблемай у пазваночнікавым сегменце. Рэч у тым, што нерв, які ў ім размешчаны, «адказвае» не толькі за сам сегмент, але і за нейкі ўнутраны орган. І моцныя болі ў страўніку сапраўды могуць быць звязаныя са спінай. Але гэта можа дыягнаставаць і лячыць толькі доктар. Тым больш што ў 99% выпадкаў прычына будзе ў іншым.

«Прыйшоў да такога спецыяліста — і атрымаў дадатковую траўму звязак або цягліц»

Як ужо казала Марына, ідэі хірапрактыкаў (як і астэапатаў), хоць і не заснаваныя на прынцыпах доказнай медыцыны, пэўную навуковую базу ўсё ж маюць. Таму калі выпадак кліента нескладаны і праблема сапраўды ў парушэнні фізіялагічнай будовы суставаў ці звязак, можа наступіць палёгка.

— Ці прычынай можа стаць эфект плацэба, — лічыць медык. — Дапускаю, што камусьці робіцца лягчэй ад разумення, што з імі здзейснілі нейкую маніпуляцыю. Ці проста ад тактыльнага кантакту, з пункту гледжання псіхалогіі для нас ён вельмі важны.

На гэтым магчымыя плюсы хірапрактыкі заканчваюцца, упэўненая неўролаг. Асноўны ж рызыка такой «тэрапіі» — у адсутнасці доказнасці. А значыць, няма ніякіх гарантый, што маніпуляцыя, якая сёння дапамагла, не нашкодзіць заўтра. Затое спіс імаверных негатыўных наступстваў значна даўжэйшы.

— У першую чаргу магчымы траўматызм ад саміх маніпуляцый. Напрыклад, у чалавека магла балець спіна праз знос пазванкоў (часцей за ўсё дзеянні хірапрактыкаў звязаныя менавіта з пазваночнікам), ён прыйшоў да такога спецыяліста і атрымаў дадатковую траўму звязак або цягліц. Ці сапраўды было парушанае становішча пазванка, яго вярнулі на месца, але траўмавалі звязкі. Як на мяне, вельмі сумнеўна, — лічыць доктарка. — Рэзкія павароты шыі — наогул вельмі дзіўная практыка. Зноў жа, можна вывіхнуць сустаў ці пацягнуць звязкі, цягліцу. Да таго ж у гэтым выпадку, мануальны тэрапеўт сапраўды можа заціснуць нейкі карэньчык нерва (пачатковая частка нерва. — Заўв. рэд.), вывіхнуць шыйны пазванок. Апошняе наогул небяспечнае: ля асновы шыі праходзіць спінны мозг, блізка дыхальны і сасудзісты цэнтры. Таму такімі небяспечнымі лічацца траўмы шыі, напрыклад, падчас ДТЗ.

Непажаданым наступствам паходу да хірапрактыка можа стаць і запушчаная хвароба. Калі ў чалавека праблемы з апорна-рухальным апаратам, змарнаваны час не будзе такім крытычным, як у выпадку анкалагічных захворванняў, адзначае спецыялістка. Але і прыемнага мала.

— У выпадку хвароб апорна-рухальнага апарата страта часу наўрад ці прывядзе да інваліднасці, — кажа Марына. — Але павелічэнне часу захворвання, павелічэнне працягласці болевага сіндрому, які потым складаней купіраваць, — гэта цалкам імаверныя наступствы, якія будуць уплываць на якасць жыцця. Магчыма, чалавек нават дойдзе да аперацыі на пазваночніку, хоць калі б ён звярнуўся раней, праблему можна было б вырашыць прасцей.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / MART PRODUCTION
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / MART PRODUCTION

«У найлепшым выпадку — сертыфікаты курсаў»

Адукацыя ў хірапрактыкаў можа быць самай рознай, кажа медык. У ідэале гэта мусяць быць дактары, якія як мінімум атрымалі адукацыю на кафедры мануальнай тэрапіі.

— Напрыклад, ёсць кафедра мануальнай медыцыны ў Піцеры, я чула пра такія ва Украіне. Але я вельмі сумняваюся, што чалавек з медыцынскай адукацыяй будзе практыкаваць менавіта хірапрактыку. Ды і наогул такі чалавек мусіць разумець, што ручныя маніпуляцыі — не лекавыя. Дапушчальна, калі гэта нешта дадатковае, але ніяк не асноўнае лячэнне,-упэўненая неўролаг. — Хоць з таго, што мне расказвалі бацькі пацыентаў, у хірапрактыкаў і астэапатаў у найлепшым выпадку — сертыфікаты курсаў. Часта можа быць, што чалавек без адукацыі заканчвае курсы масажу (цяпер гэта папулярна), а потым яму прапануюць атрымаць кваліфікацыю «мануальная тэрапія», прайшоўшы яшчэ нейкі курс. Я наогул не ведаю, як уладкаваныя такія заняткі, колькі яны доўжацца, хто іх праводзіць. Але ў любым выпадку выглядае вельмі дзіўна, некалькі месяцаў (хай нават паўгода) — і спецыяліст гатовы. А далей маркетынг: хто лепш вядзе старонку ў Instagram, у таго больш кліентаў.

Чаму хірапрактыкі пры ўсіх рызыках такія папулярныя? У Марыны ёсць некалькі здагадак. Па-першае, тут важная рэпутацыя, таму яны імкнуцца не даводзіць кліентаў да сур’ёзных ускладненняў. Наколькі гэта магчыма, калі чалавек не медык, робіць агаворку жанчына. Па-другое, уплываюць асаблівасці ўспрымання медыцыны на постсавецкай прасторы.

— У савецкай медыцыне была вельмі развітая фізіятэрапія і ўсё з ёй звязанае. Але наогул нават масаж лічыцца прыкладам альтэрнатыўнай медыцыны, — расказвае доктарка. — А цяпер усё гэта зноў заквітнела. Магчыма, рэч у адсутнасці інфармацыі ў людзей, не хапае асветы (адсюль жа бяруцца антываксеры). Магчыма, рэч проста ў жаданні вырашыць праблему, не прыкладаючы намаганняў. Гэта ж усё пасіўныя маніпуляцыі, калі хтосьці тузае, а вы проста седзіце або лежыце. Але такім чынам дабіцца значных вынікаў для апорна-рухальнага апарата немагчыма. Калі і адчуваецца нейкі эфект, то ён хутчэй псіхалагічны ці нават «магічны». Таму калі, да прыкладу, ёсць праблемы з асанкай і праз гэта болі ў спіне, трэба не ісці да хірапрактыка, а займацца, каб умацаваць цягліцавы гарсэт. Але рабіць гэта кожны дзень і, як правіла, гадамі.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Ryutaro Tsukata, pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ryutaro Tsukata, pexels.com

«Я б не хацела марнаваць грошы на бескарысныя рэчы»

За гады працы ў Беларусі Марына не раз сутыкалася з людзьмі, якія звярталіся да хірапрактыкаў ці астэапатаў. Напрыклад, калі яна вяла прыём у паліклініцы, пра гэта пытаў мінімум адзін бацька ці маці кожны дзень.

— На шчасце, хапае розуму не вадзіць маленькіх дзяцей да хірапрактыкаў. Ці яны самі не бяруцца за такіх кліентаў, — кажа доктарка. — Тых, хто старэйшы, часам водзяць. Але з сур’ёзнымі праблемамі пасля гэтых спецыялістаў да мяне не прыходзілі. Іншая рэч — астэапаты. Сярод бацькоў гэта вельмі папулярна, прычым вадзілі нават зусім маленькіх дзяцей, да года. Яшчэ мяне палохала, калі расказвалі пра вельмі папулярную спецыялістку па мануальнай тэрапіі (па-мойму, яна з Грузіі), якой бацькі аплачвалі пражыванне ў Беларусі, толькі б яна прыехала. А потым бралі цяжка хворых дзяцей з ДЦП, эпілепсіяй (пры такім дыягназе такая тэрапія наогул супрацьпаказаная), плацілі ёй вялікія грошы і ішлі на гэтыя сеансы. Яна тры-чатыры дні рабіла свае чароўныя маніпуляцыі і з’язджала. А потым да мяне прыходзілі і расказвалі, што дзецям нібыта лепш. Праўда, былі і тыя, у чыіх дзяцей пасля такіх працэдур абвастралася эпілепсія.

Але нават у такіх выпадках, калі пасля хірапрактыкаў (і іншых мануальных тэрапеўтаў) пачынаецца абвастрэнне, людзі рэдка бачаць праблему ў самым метадзе «лячэння», адзначае медык.

— На жаль, у такіх сітуацыях пацыенты пачынаюць думаць, што трэба шукаць больш вядомага спецыяліста, знакамітага, як мінімум з Масквы ці Піцера, — дзеліцца назіраннямі яна. — Мала хто расчароўваецца і звяртаецца да доктара.

Але менавіта такі варыянт Марына называе самым слушным. Калі адчуваеце недамаганне, перш за ўсё трэба ісці да свайго тэрапеўта.

— Ні ў якім разе не рэкамендавала б адразу ісці да хірапрактыка ці астэапата. Тым больш што, як я ўжо казала, яны цяпер «лечаць» усё запар, — кажа экспертка. — Калі вы ведаеце пра свае праблемы, можна ісці да неўролага, артапеда, рэабілітолага. І абавязкова шукайце кваліфікаванага доктара, які зможа ўсё растлумачыць усё з навуковага пункту гледжання і прапанаваць зразумелыя варыянты, што можна зрабіць, каб дасягнуць выніку. Бо бываюць выпадкі, калі спецыяліст не можа комплексна ацаніць стан пацыента і пачынаецца «адфутбольванне»: «Схадзіце да неўролага», «Ой, я гэта не лячу, ідзіце да артапеда» і гэтак далей. Акурат у такіх сітуацыях людзі і пачынаюць звяртацца да альтэрнатыўнай медыцыны. Але я б усё-ткі раіла шукаць добрага доктара. Бо нават калі мануальны тэрапеўт вам не нашкодзіць, асабіста я б не хацела марнаваць грошы на бескарысныя рэчы. Ніхто ж не хоча плаціць за кепскі манікюр? І тут тое самае.

Чытайце таксама